#незаўважныэкспанат (газета «Раздавім фашысцкую гадзіну»)

Наш музей - гэта скарбніца, у якой захоўваюцца дзіўныя рэчы.Адна з іх, арыгінал газеты "Раздавім фашысцкую гадзіну". Гэта баявы сатырычны лісток падчас Вялікай Айчыннай вайны. У ім друкаваліся творы Коласа, Купалы, Броўкі, Брыля, Крапівы, Чорнага і іншых пісьменнікаў. Выданне прызначалася для распаўсюджвання сярод беларускіх партызан і насельніцтва рэспублікі, якое часова трапіла пад ярмо нямецка-фашысцкіх акупантаў.

Усё пачалося з таго, што 9-класнік Віталь Букаты на ўваходзе ў гомельскі парк у першыя дні вайны маляваў карціну «Тры савецкія волаты». Супрацоўнікаў нядаўна створанай рэдакцыі сатырычнага плаката, якія праходзілі міма, зацікавіла палатно хлопца. Віталь патлумачыў, што тры волаты - гэта воін, працоўны і селянін, якія «раздушаць фашысцкую гадзіну». Так канчаткова зацвердзілася назва плаката-газеты.

Выходзіла выданне з ліпеня 1941 г. да траўня 1945 г. З сакавіка 1942 г. выданне стала называцца газета-плакат, пазней - сатырычны часопіс ЦК КПБ. Супрацоўнікаў рэдакцыі называлі "раздавілаўцамі".

Сатырычны лісток друкаваўся на 2–4 старонках, з аднакаляровымі, але часам трохкаляровымі ілюстрацыямі. Усяго выйшла 142 нумары.

Друкаваліся творы розных жанраў, пачынаючы ад вострага палітычнага памфлета і канчаючы партызанскімі прыпеўкамі. Выкарыстоўваліся звароты да партызанаў і народа Беларусі кіраўнікоў партыі і ўрада, дзеячаў культуры. Шырока выкарыстоўваліся фотадакументы, інфармацыйныя паведамленні аб баявых поспехах партызан і воінаў Савецкай Арміі. Баявы характар мелі сатырычныя аддзелы і рубрыкі "Не ў брыво, а ў вока", "Партызанскія прыпеўкі", "Беларускія прыказкі".

У далейшым праца сатырыкаў выдання над выпускам лістка дапамагла нарадзіцца новаму беларускаму сатырыка-гумарыстычнаму часопісу “Вожык”, які пачаў выходзіць са снежня 1945 г.

155